у Азіі на тэр. Расійскай Федэрацыі, адна з самых вял. нізінных акумуляцыйных раўнін на зямным шары. Размешчана паміж Карскім м. на Пн, Тургайскім плато, Казахскім драбнасопачнікам і перадгор’ямі Алтая на Пд, Уральскімі гарамі на З і Сярэднесібірскім пласкагор’ем на У. Працягнулася з Пн на Пд на 2500 км, з З на У ад 1000 км (на Пн) да 1900 км (на Пд). Пл. каля 3 млн.км2.
З.р. прымеркавана да Заходне-Сібірскай пліты эпігерцынскай платформы, якая перакрыта магутнымі (больш за 1000 м) мезазойскімі і кайназойскімі адкладамі (гліны, пясчанікі, мергелі). У тоўшчы антрапагену (магутнасцю да 200 м) пашыраны ледавіковыя і марскія (на Пн), алювіяльныя і азёрныя (на Пд) пароды. Карысныя выкапні: нафта і газ (гл.Заходне-Сібірская нафтагазаносная правінцыя), жал. руда, торф, буд. матэрыялы. Рэльеф раўнінны, слабарасчлянёны. Самыя нізкія ўчасткі ў цэнтры і на Пн (выш. 50—150 м), уздоўж зах., паўд. і ўсх. ускраін невял. (200—250 м) узвышшы. Пераважаюць шырокія плоскія міжрэччы, вельмі забалочаныя, месцамі з марэннымі пагоркамі і градамі (на Пн) або пясчанымі грывамі (на Пд). Вылучаюцца Васюганская раўніна, Барабінскі, Ішымскі, Кулундзінскі стэпы. У сярэдняй ч. раўніны ад Урала да Енісея цягнуцца Сібірскія Увалы (выш. да 285 м). Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -28 °C на Пн да -16 °C на Пд, ліп. ад 4 °C да 22 °C. Гадавая сума ападкаў ад 200 мм у тундравай і стэпавай зонах да 600 мм у лясной. На тэр. раўніны больш за 2000 рэк (агульная даўж. 250 тыс.км). Гал. рэкі — Енісей, Об, Іртыш — суднаходныя і сплаўныя. Шмат азёр рознага паходжання (Чаны, Убінскае, Кулундзінскае), у т.л. салёных і горка-салёных (на Пд). У глебава-раслінным покрыве выразна праяўляецца занальнасць. Паўн.ч. занята тундрай (глебы глеевыя і глеявата-падзолістыя) з арктычнымі, імховымі, лішайнікавымі і хмызняковымі ландшафтамі. Паступова тундра пераходзіць у лесатундру (глебы падзоліста-глеевыя), дзе пашыраны комплексы ландшафтаў хмызняковай тундры, ялова-лістоўнічных рэдкалессяў, сфагнавых і нізінных балот. Большая ч. раўніны належыць да лясной зоны (глебы падзолістыя), дзе пераважае забалочаная хвойная тайга (елка, піхта, кедр, хвоя, сіб. лістоўніца). На Пд лесастэп (глебы чарназёмныя) з асінава-бярозавымі гаямі пераходзіць у стэп (глебы чарназёмныя і каштанавыя), пераважна разараныя. Для ўсіх зон характэрна пашыранасць балотных ландшафтаў (каля 50 % тэр. лясной зоны забалочана), якія на Пд змяняюцца саланцамі і саланчакамі. Жывёльны свет разнастайны: паўн. алень, пясец, лемінг, заяц-бяляк, буры мядзведзь, рысь, расамаха, куніца, выдра, собаль, вавёрка, бурундук, андатра, сіб. казуля.